У рамках святкавання Міжнароднага дня роднай мовы дзіцячая бібліятэка далучылася да праграмы ТВОРЧАГА НАСТРОЮ «ТВОЙ СТЫЛЬ – МОВА!» і 20-21 лютага запрашала да актыўнага ўдзелу сваіх чытачоў і наведвальнікаў у акцыі-інтэракцыі «На беларускамоўнай хвалі».
Так, на дзіцячым абанеменце каля кніжнай выставы «Дзіўная родная мова» працавала гульнятэка «Грамацей». Хлопчыкі і дзяўчынкі разгадвалі загадкі, крыжаванкі, філворды, весела выгаворвалі на хуткасць беларускія хуткамоўкі, выразна чыталі вершы аб Радзіме і роднай мове.
У зале дзіцячага чытання і вольнага часу ў фармаце гульні-забаўлянцы праходзіла знаёмства з дзіцячым часопісам «Вясёлка», разам чыталі казку «Цыравальная іголка» па ролях, знаёміліся з выставай новых кніг беларускіх аўтараў «Літаратурныя прысмакі».
Вельмі запамінальна прайшла гульня «Беларускі настрой» з рабятамі-трэцякласнікамі ДУА «Сярэдняя школа № 15 г. Магілёва». Сустрэча пачалася з шчырага віншавання са святам мовы, казалі адзін аднаму самыя добрыя словы на роднай мове, весела гулялі, дружна спаборнічалі ў конкурсах: «Словы-хітруны», «Літаратурны кракадзіл», «Пракладчыкі» і інш. Гульнявое спаборніцтва прайшло вельмі ажыўлёна і весела, выдатна правялі час разам!
Дарослыя чытачы таксама з задавальненнем далучыліся да святкавання Дня роднай мовы. З зацікаўленнасцю знаёміліся з новымі беларускімі аўтарамі і выданнямі, прадстаўленнымі на выставе «Нашы пісьменнікі: курс на мову», успаміналі напамяць беларускія творы, размаўлялі на роднай мове, прынялі ўдзел у апытанні «Маё любімае роднае слова».
Віртуальных карыстальнікаў запрашалі прайсці моўную анлайн-гульню «Грамацей» і атрымаць сертыфікат.
У беларускіх словах ‒ спадчына вякоў, мелодыя песень, радкі вершаў. Беларуская мова ‒ жывая, мілагучная, старажытная і сучасная адначасова, ‒ сапраўдны скарб,
які мы павінны беражліва несці скрозь час.






































