26 чэрвеня ў межах рэспубліканскай акцыі «Кожная пятніца ‒ роднае сваё» у бібліятэцы запрашалі да ўдзелу ў гульне-віктарыне «Беларусь: гісторыя і сучаснасць». Кожны, хто завітаў у гэты дзень у бібліятэку, адчуў сувязь з гісторыяй і культурай краіны.
Удзельнікі-«экспромты» з цікаўнасцю далучаліся да гульні. Ігралі парамі: часам двое сяброў, якія выпадкова сустрэліся, часам незнаёмыя людзі, якія аб’ядноўваліся на месцы. І вось так, без доўгай падрыхтоўкі, адбывалася сапраўдная разумовая дуэль. Мэта была не проста перамагчы, а пашырыць веды пра Беларусь. Тэмы ахапілі ўсё: ад геаграфіі і гісторыі да біялогіі, мастацтва і нават прамысловасці. Пытанні былі самыя розныя: фотазагадкі, лагічныя ланцужкі, тэсты на хуткасць. Сумна не было дакладна ‒ у зале то і справа чуліся жвавыя абмеркаванні, смех і выкрыкі «Так, ведаю!».
Чытачы з задавальненнем дзяліліся ўражаннямі, прыгадвалі забытыя старонкі гісторыі і з дзівам даведваліся пра тое, чым насамрэч ганарыцца Беларусь. Гульня-віктарына прайшла на адным дыханні, і многія паабяцалі прыйсці зноў ‒ ужо з гатовымі ведамі, каб пазмагацца па-сапраўднаму.

































