Cёння ў свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна родная мова, якая завецца роднай.
21 лютага, калі ў свеце адзначалі Міжнародны дзень роднай мовы, у бібліятэцы таксама прайшло ўшанаванне Дня роднай беларускай мовы пад агульнай назвай «Родная мова, цудоўная мова!».
Увазе чытачоў паўсталі вершы, казкі, апавяданні, гумарэскі, часопісы, слоўнікі, энцыклапедыі і шмат яшчэ чаго на беларускай мове, прадстаўленыя на кніжных выставах «Кнігі пазнаёмяць…», «Літаратурныя прысмакі», «Мой родны кут», «Чытаем па-беларуску. Далучайся і ты!», «Ручай крыштальны мовы роднай», «Чытайце беларускае». Кожнаму, хто ў гэты добры дзень завітаў у бібліятэку, прапаноўвалі паўдзельнічаць у паэтычным марафоне «Роднай мове прысвячаю я радкі…», каб, прачытаўшы радкі-пашаны, тым самым падзякаваць роднай мове хоць бы за яе існаванне. Па выніках марафона атрымаўся відэакліп «Родная мова, цудоўная мова!».
Моўны чэлендж «Грамацей» паказаў узровень ведаў роднай мовы праз розныя гульнявыя заданні.
У нефармальнай абстаноўцы прайшла святочная вечарына «“Паці” у нашай хаце» з удзелам хлапчукоў і дзяўчат з 6 класа ДУА «Сярэдняя школа №15 г.Магілёва». Госці, адчуваючы сябе вольна і прыемна, размаўляючы на роднай беларускай мове, удзельнічалі ў разнастайных конкурсах і гульнях. Асабліва весела прайшлі гульня «Кракадзіл» і чэлендж «Няма праблем». На прыканцы «паці» адбылася салодкая паўза з частаваннем цукерак і печыва.
Дзень роднай мовы праляцеў незаўважна, але застанецца ў памяці, як прыемны напамін аб тым, што і мы маем сваю ўласную, незвычайную, вельмі прыгожую мову, якой трэба толькі ганарыцца!