21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, да агульнабібліятэчнага моўнага марафону «Дакраніся да сэрца» у дзіцячай бібліятэцы былі арганізаваны розныя займальныя мерапрыемствы.
Так, дзіцячы абанемент запрашаў сваіх наведвальнікаў прыняць актыўны ўдзел у святкаванні Дня роднай мовы: пазнаёміцца з маляўнічымі выданнямі кніжнай выставы «Дзіўная родная мова», паспрабаваць выразна прачытаць займальныя беларускія хуткамоўкі ці верш, разгадаць крыжаванку ці філворд.
Асабліва маленькім чытачам спадабалася акцыя-варажбітка «Слова-талісман». Трэба было выпадковым чынам адкрыць кнігу «Слоўнік з малюнкамі» Міколы Яленскага, ткнуць у любое месца на старонцы пальцам і так даведацца аб сваім слове-талісмане. Да таго ж, слоўнік падказаў удзельнікам акцыі, як правільна вымаўляць, ужываць у мове слова-талісман, растлумачыў значэнне незнаёмых слоў. У выніку акцыі атрымалася цудоўнае «Моўнае воблака» з мілагучнымі, прыгожымі, сакавітымі беларускімі словамі-талісманамі.
У зале дзіцячага чытання і вольнага часу адбыўся гульнявы чэлендж «Беларускі без нагрузкі». З дапамогай кубіка можна было выбраць сабе моўнае выпрабаванне: удзел у акцыі «Чытаем разам кожны дзень», дзе разам чыталі цікавую казку «Цыравальная іголка» з кнігі «Дванаццаць месяцаў: люты», адказвалі на пытанні гульнявой віктарыны, разгадвалі філворд і прахадзілі гульню «Злучы словы»; праверыць тэхніку чытання па беларускай народнай казцы «Як кот звяроў напалохаў», па жаданню паслухаць аўдыёказку, зрабіць арыгамі ці ўпрыгожыць размалёўку. Самымі вясёлымі і запамінальнымі апынуліся гульні «Кракадзіл» і «Хто я?». Самыя добрыя словы аб роднай мове маленькія беларусы пакінулі на імправізаваным моўным полі з валошкамі.
Сапраўдных знаўцаў роднай мовы на сайце бібліятэкі чакаў WEB-ТУР знаўцаў «Грамацей». Усе, хто здолеў прайсці 5 тураў, атрымаў запаветныя ключы-лічбы і з іх у канцы гульні склаў кодавую фразу, былі ўзнагароджаны памятным сертыфікатам.
Маленькіх чытачоў і віртуальных карыстальнікаў запрашалі на гульнявы мульт-сеанс: паглядзець беларускі мультыплікацыйны фільм па матывах казкі «Піліпка-сынок», а затым паспрабаваць адказаць на пытанні віктарыны.
Дарослыя чытачы таксама з задавальненнем далучыліся да святкавання Дня роднай мовы, знайміліся з новымі беларускімі аўтарамі і выданнямі, чыталі напамяць беларускія творы, размаўлялі на роднай мове.
Мерапрыемствы прайшлі пры падтрымцы навучэнцаў ДУА «Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў».
Байка «ДЗЕД І БАБА» К. Крапівы ў выкананні чытача А. Барышкіна