31 жніўня і 1 верасня ў Беларусі адзначылі ХХХІ Дзень беларускага пісьменства ў горадзе Івацэвічы Брэсцкай вобласці.
Бібліятэкі горада Магілёва падрыхтавалі цікавыя мерапрымствы, незвычайныя цікавосткі, гульні, кніжныя выставы, прысвечаныя святу роднага слова. У дзіцячай бібліятэцы маленькіх чытачоў запрашалі да ўдзелу ў гульне «Беларускі без нагрузкі», дарослым прапанавалі пашырыць свой кругагляд у культаралагічным гідзе «Свята беларускага пісьменства — 2024».
Так, дзіцячы абанемент вітаў наведвальнікаў кніжнай выставай «Дзіўная родная мова», дзе ганаровае месца заняў усім знаёмы Францішак. Пад час займальнай інфармхвілінкі каля выставы ішла размова пра гісторыю ўзнікнення беларускага пісьменства, знакамітых асветніках, традыцыях нацыянальнага свята. У ходзе гульні «Беларускі без нагрузкі» дзетак чакалі: «Асарці з загадак» (загадкі-рыфмаванкі, загадкі-пытанні, беларускія народныя загадкі), «Казачная віктарына», беларускамоўныя філворд і красворд. У зале дзіцячага чытання і вольнага часу запрашалі да ўдзелу ў літаратурнай акцыі «Чытаем разам кожны дзень», дзе разам чыталі беларускія казкі, малявалі герояў.
У зале па абслугоўванню дарослага карыстальніка дзейнічала выстава-экскурс «Вытокі беларускага пісьменства». Пра некаторыя моманты і асаблівасці святкавання Дня пісьменства ў гарадах Беларусі пагутарылі пад час культаралагічнага гіда «Свята беларускага пісьменства — 2024».
У віртуальнай прасторы на сайце бібліятэкі ўсіх чакала квэст-гульня «Святло пісьменства».
Дзень беларускага пісьменства — адна з самых значных культурных падзей у жыцці краіны, і такія мерапрыемствы заўсёды яднаюць і натхняюць людзей.