О, наш пясняр! Заўсёды будзеш першым!..
03 лістапада ўся Беларусь адзначыла 140-годдзе з дня нараджэння класіка сусветнай і беларускай літаратуры, аднаго з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і сучаснай літаратурнай мовы, народнага паэта Беларусі Якуба Коласа (сапраўднае імя – Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч). Выступаў як паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, педагог, грамадскі дзеяч.
Юбілейны дзень у бібліятэцы адзначылі літаратурнай акцыяй «Пісьменнік дня: Якуб Колас».
Шматгранная творчая спадчына Якуба Коласа і Янкі Купалы была прадстаўлена праз рэпертуар выданняў розных гадоў з фонда бібліятэкі. Выстава-пашана «Янка Купала і Якуб Колас: аднагодкі, саратнікі, сучаснікі» змясціла зборы твораў, выбраныя творы, асобныя выданні, а таксама матэрыялы аб жыцці і творчасці славутых мастакоў слова. Выстава-гонар «Неўміручая слава» прапанавала чытачам дзіцячага абанемента пазнаёміцца з казкамі і вершамі Якуба Коласа і Янкі Купалы, прыняць удзел у гучных чытаннях.
У зале па абслугоўванню дарослага карыстальніка на працягу дня дэманстраваліся відэаролікі і музычная кампазіцыі з песнямі на вершы Якуба Коласа, узнёсла гучала коласаўскае слова ў выкананні чытачоў бібліятэкі. У ходзе літгіда «Якуб Колас. Шляхі жыцця і творчасці» у нефармальнай абстаноўцы ўзгадалі біяграфію юбіляра, цікавыя факты.
У чытальнай зале весела праходзіла літаратурная гульня «Кракадзіл», якая уключыла ў сябе словы з твораў Якуба Коласа і Янкі Купалы. Удзельнікі гульні па чарзе выцягвалі карткі і спрабавалі праз міміку, жэсты ці танцы паказаць зададзенае слова без адзінага гуку. Атрымалася вельмі займальна!
Віртуальным карыстальнікам прапанавалі прыняць удзел у анлайн-віктарыне «Якуб Колас: жыццё і творчасць».
Інфармацыйны рэсурс «Я&Я» змясціў карысныя падказкі, парады, падборку сцэнарыяў, гульняў і іншага ў дапамогу адукацыі і самаадукацыі па тэме «Якуб Колас і Янка Купала».