Другі дзень ІV Дзіцячага кніжнага фестывалю «Шостая цывілізацыя» у дзіцячай бібліятэцы быў прысвечаны гісторыям на беларускай мове. Чытачоў-дзяцей запрашалі да ўдзелу ў акцыі «Размаўляем па-беларуску. Далучайся і ты!».
Усім чытачам, завітаўшым у гэты дзень у бібліятэку, прапанавалі звярнуць увагу на выстаўку «Беларуская кніга запрашае», дзе кожны час з’яўляліся новыя кнігі і аўтары розных краін, выдадзеныя на беларускай мове. Запрашалі ўзяць любую кнігу альбо часопіс, адчыніць адразу старонку і зачытаць першае, што патрапіла ў поле зроку. Атрымалася незвычайна і весела!
У моўным чэленджы «Грамацей» хлопчыкі і дзяўчынкі бавілі свой час за гульнямі і конкурсамі: «Моўныя залацінкі», «Словы-змейкі», «Чарадзеі роднага слова» і іншыя. За паспяховае праходжанне выпрабаванняў удзельнікі атрымлівалі салодкія гасцінцы.
Успаміны аб гэтым цудоўным дне засталіся ў ходзе фатасэта «Чытаем беларускае! Далучайся і ты!».
Час за чытаннем на беларускай мове праляцеў незаўважна і цікава.