Гучы, роднае слова! — Детская библиотека-филиал №9
-->

Гучы, роднае слова!

Пагавары са мной на мове,

На нашай роднай, не чужой.

Адчуеш ты – у кожным слове

Душа яднаецца з душой…

І. Пракаповіч

 

Штогод 21 лютага бібліятэка святкуе Дзень роднай мовы, імкнучыся напоўніць гэтую падзею разнастайнымі цікавымі мерапрыемствамі.

У гэтым годзе ладзілі акцыю «Гучы, роднае слова!».

На працягу дня дзейнічалі разнастайныя кніжныя выставы: «Ручай крыштальны мовы роднай», «Мова беларускага арнаменту, або Старадаўнія сімвалы шчасця», «Літаратурная спадчына зямлі Магілёўскай», «Мой родны кут», «Чытаем па-беларуску. Далучайся і ты!»; на дзіцячым абанеменце чытачы праявілі сябе, выпрабоўваючы сілы ў гульне-віктарыне «Моўныя скарбы роднага краю»; інтэрактыўны куток запрашаў паўдзельнічаць у сеткавай акцыі-конкурсу «#БУКЛУК_КНІГА!НАТХНЯЕ», распусцілася рознакаляровымі лісцікамі, разквітнела «Дрэва мовы».

У моўным марафоне «Паўгадзіны з роднай мовай» прынялі ўдзел навучэнцы 5 «А» класа ДУА «Сярэдняя школа № 15 г. Магілёва». Праграма была насычанай. Для іх са сваёй батлеечнай п’есай «Цар Ірад» выступілі навучэнцы ДУА «Сярэдняя школа № 25 г. Магілёва»: Гурыновіч Нікіта, Малахаў Цімафей, Сударава Дар’я, Баранава Лізавета. Рабяты паказалі, як беларуская мова натхняе іх на творчыя ініцыятывы. Дарэчы, рабяты ўдзельнічалі ў рэспубліканскім фестывале-конкурсе праектаў навучэнцаў «Нашчадкі традыцый» у намінацыі «Захаванне традыцый: беларуская батлейка» і былі ўдастоены ганаровага дыплома. Кіраўнік творчага калектыву Вараб’ёва В.А. прачытала сваё апавяданне «Цуд на Каляды», якое атрымала Дыплом ІІ ступені ў літаратурным Інтэрнэт-конкурсе «Пад Калядным небам».

У ходзе музычнай паўзы «Слухай сваё, беларускае!» прагучалі народныя беларускія матывы, а таксама і мелодыі сучасных беларускіх кампазітараў у «жывым» выкананні дуэта скрыпачоў з ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў №5 г. Магілёва»: настаўніка Казаковай Е.М. і маленькай, але ўжо лаўрэата шматлікіх конкурсаў Клеймёнавай Аніты.

Пад час літаратурна-конкурснай праграмы «Моўныя скарбы роднага краю» хлопчыкі і дзяўчынкі пашырылі свае веды пра багацце роднай мовы праз конкурсы: «Перакладчыкі», «Пралеска», «Знаўцы беларускага фальклору», «Старонкі мінулага і сучаснага», «Літаратурная крыжаванка”, «Словаведы», «Грамацей». Найбольш актыўныя ўдзельнікі праграмы атрымалі прызы.

У завяршэнне сустрэчы прагучалі добрыя словы-пажаданні роднай мове квітнець, прыгажэць і ўдасканальвацца.