Дзень роднай мовы — 2025 — Детская библиотека-филиал №9
-->

Дзень роднай мовы — 2025

21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, чытачоў і наведвальнікаў дзіцячай бібліятэкі запрашалі да ўдзелу ў разнастайных мерапрыемствах, што ўвайшлі ў агульнабібліятэчную святочную праграму літаратурнага куфэрка «Як ты дорага мне, мая родная мова!».

Так, на дзіцячым абанеменце вабіла сваімі маляўнічымі выданнямі кніжная выстава «Дзіўная родная мова», рабяты весела трэніравалі дыкцыю, выгаворваючы, на першы погляд, простыя беларускія хуткамоўкі; выразна чыталі вершы, разгадвалі крыжаванку ці філворд. Напоўніўся беларускімі словамі-кветкамі шыкоўны «Моўны букет».

У зале дзіцячага чытання і вольнага часу ў фармаце інтэлектуальнага спаборніцтва адбыўся моўны слэм «Гучы, родная мова!». Каманды «Сонейкі» і «Кветкі» з ДУА «Сярэдняя школа № 15 г. Магілёва» паказалі свае веды ў выпрабаваннях для сапраўдных знаўцаў роднай мовы ў турах: «Самы кемлівы», «Беларускія загадкі», «Прадоўжы твор», «Словавед» і інш. Журы пільна сачыла за ходам гульні! Інтэлектуальнае спаборніцтва прайшло вельмі ажыўлёна і весела. Пасля падліку балаў у выніку перамагло сяброўства.

На працягу дня ў зале дзейнічала выстава новых кніг беларускіх аўтараў «Літаратурныя прысмакі», усім жадаючым прапанавалі з дапамогай кубіка выбраць і прайсці моўнае выпрабаванне і атрымаць прыемны салодкі пачастунак.

Дарослыя чытачы таксама з задавальненнем далучыліся да святкавання Дня роднай мовы. З задавальненнем знаёміліся з новымі беларускімі аўтарамі і выданнямі каля выставы «Чытайце беларускае», успаміналі напамяць беларускія творы, размаўлялі на роднай мове, прынялі ўдзел у апытанні «Маё любімае роднае слова».

Сапраўдных знаўцаў роднай мовы на сайце бібліятэкі чакала моўная анлайн-гульня «Грамацей». Усе, хто здолеў прайсці 6 тураў і склаў кодавую фразу, былі ўзнагароджаны памятным сертыфікатам.

Запрашалі да ўдзелу ў чэленджы «#РазмаўляйПрыгожа», дзе трэбы было прачытаць урывак ці твор пісьменнікаў-юбіляраў, якія зрабілі вялікі ўклад у беларускую культуру. Такім чынам успомнілі любімыя творы і падзяліцца імі з іншымі.

Святкаванне Дня роднай мовы дапамагло усвядоміць кожнаму: беларусам у спадчыну дасталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная.


«Птушыныя гнёзды пад снегам заснулі…», А. Пысін

(чытае Я. Леўшукоў, супрацоўнік дзіцячай бібліятэкі, удзельнік чэленджу «#РазмаўляйПрыгожа»)