5 сакавіка свой 65-гадовы юбілей адсвяткаваў беларускі паэт, перакладчык, публіцыст Уладзімір Мінавіч Мазго.
У гэты дзень на дзіцячым абанеменце праходзіў літаратурны гід «Адзначаем юбілей Уладзіміра Мазго».
Усе творы Уладзіміра Мазго вызначаюцца сардэчнасцю, лірычнасцю, шчырасцю, яны асветлены пачуццём любові аўтара да дзіцячага свету. Асобныя творы беларускага пісьменніка перакладзены на рускую, англійскую, таджыкскую, чувашскую і іншыя мовы.
Хлопчыкі і дзяўчынкі, а таксама і бацькі, з задавальненнем пазнаёміліся з жыццём і творчасцю пісьменніка-юбіляра, разам чыталі цікавыя вершы з вясёлымі назвамі: «Вавёркі лушчаць зоркі», «Цуда-вуда», «Каму гусак набіў гузак?», «Вясёлы снег курам на смех» і інш, адгадвалі займальныя галаваломкі-загадкі з кнігі з інтрыгуючай назвай – «Загадка – розуму зарадка», спрабавалі хуткамоўкі.
Літаратурныя хвілінкі разам з кнігамі Мазго дапамаглі чытачам не толькі думаць вобразна і лагічна, але і пашырылі іх веды ў роднай мове.
Кнігі аўтара з вершамі, казкамі, загадкамі, скорагаворкамі былі прадстаўлены на выставе «Адзначаем юбілей».